Z Białorusi. Po białorusku. O polskiej wiosce.

Валерый Тухта / Walery Tuchta

Весялова. Польская вёска ў беларускай глыбінцы

Весялова – вёска ў складзе Валосавіцкага сельсавета Лепельскага раёна. Але на картах пачатку мінулага стагоддзя мы не знойдзем гэтага паселішча. Чаму? А таму што яго на той час не існавала. Калі і як узнікла Весялова? Каб даць адказ на гэтае пытанне, мала адшукаць патрэбную інфармацыю ў архівах. Варта зазірнуць у саму вёску, старажылы якой могуць распавесці шмат чаго цікавага пра тое месца, дзе лёсам было наканавана не толькі нарадзіцца, але і пражыць доўгае і багатае на ўспаміны жыццё.

Антаніна Кашко распавядае пра сваю сям’ю.

Таму чарговае краязнаўчае падарожжа даследчыкаў мінулага са Слабадской школы ў Весялова. Дабрацца сюды не так ужо і складана. З дзясятак кіламетраў лясной дарогі, якая бяжыць паўз Далікі, неіснуючую ўжо вёску Іван Бор, мінае Качаноўскі мост праз рэчку Свядзіцу, прывядзе ў патрэбнае месца.

Перадгісторыя.

Як ужо згадвалася вышэй, у пачатку мінулага стагоддзя вёскі Весялова не існавала. Па наваколлі было раскідана каля двух дзясяткаў хутароў. Фларэнцінава, Зафіеўка, Потак, Рамальдова, Стайск, Уладзіслава – толькі невялікі пералік з іх. На гэтых хутарах жылі этнічныя палякі, якія набылі землі ў валосавіцкага пана Зацвіліхоўскага на пачатку ХХ стагоддзя. Першапачаткова жыллём для перасяленцаў служылі зямлянкі, якія яны спехам выкопвалі на сваіх выкупленых надзелах.

Віктар Стажык і даследчыкі мінулага Слабадской школы.

У 1921 годзе Валосавіцкая воласць была падзелена на сельсаветы. Сярод іншых быў утвораны сельсавет з цэнтрам на хутары Белы клён. У яго склад увайшло шаснаццаць хутароў, дзе пераважна жылі колішнія польскія перасяленцы. Старшынёй прызначылі Ігната Кашко, сакратаром – Мікалая Кацылу.

Утварэнне вёскі

Пакуль застаецца невядомым паходжанне назвы Весялова. У пераліку населеных месцаў Валосавіцкай воласці ні хутара, ні вёскі з такой назвай не значылася. Першыя згадкі Весялова як цэнтра сельсавета адносяцца да 1926 года, калі праводзіўся першы ўсерасійскі перапіс несельніцтва. На той час у Весялоўскім сельсавеце, які лічыўся польскім, налічвалася 29 населеных пунктаў з агульнай колькасцю жыхароў 1003 чалавекі. І зноў ніводнага паселішча з аднайменнай назвай зафіксавана не было.

На картах пачатку 1930-х гадоў хутары падаюцца пад агульнай назвай – Польскія. На карце 1935 года яны аб’яднаныя пад назвай Пушча. Па выніках перапісу 1926 года насельніцтва Пушчы налічвала 576 чалавек.

Ганна Станіцкая (справа) падчас вучобы ў Віцебскім педвучылішчы. 1940 г.

У 1936 годзе пачалася кампанія па ліквідацыі хутароў. Не прамінула гэта падзея і хутаран-палякаў. На працягу пэўнага часу ўсе хаты былі сцягнуты ў адзіны населены пункт, які і атрымаў назву Весялова. Старажыл вёскі Віктар Стажык са слоў сваёй маці ведае, што вёску назвалі Весяловам у гонар “застройшчыка”, ці прараба, які кіраваў сцягваннем хутароў. Так гэта ці не, сцвярджаць не будзем. Косвенным пацвярджэннем таго, што ў аснову назвы лягло ўласнае імя, з’яўляецца назва мясцовага калгаса – імя Весялоўскага. Кім з’яўляўся насамрэч Весялоўскі, калі ўвогуле існаваў чалавек з такім прозвішчам, і якое дачыненне меў да палякаў, што імя яго ўвекавечылі ў назве паселішча? Пакуль адказу на гэтае пытанне няма.

Людзі і лёсы.

Сярод жыхароў новастворанага паселішча была сям’я Казіміра Цупрыняка родам з польскай вёскі Вулька Гастунская. У тутэйшыя мясціны ён патрапіў ужо падлеткам, калі бацькі прыехалі абжывацца на новым месцы. З цягам часу Казімір займеў уласную гаспадарку на хутары Зафіеўка, стварыў сям’ю, у якой было шасцёра дзяцей. Казімір не паспеў як след уладкавацца на новым месцы. У жніўні 1936 года быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы і арыштаваны. Такі лёс напаткаў многіх весялоўскіх палякаў.

Дачка Казіміра Антаніна і сёння жыве ў Весялове. Перад самай вайной яна паспела скончыць першы клас. А пасля вучыцца дужа не было калі. З шаснаццаці год працавала ў калгасе, затым – у школе тэхнічкай і ў бальнічнай кацельні. Разам з мужам Казімірам Кашко жывуць у ладзе ды згодзе шэсцьдзясят два гады.

Бацькі Віктара Стажыка – таксама карэнныя палякі, але сябе ён лічыць беларусам. Яго жонка з прыгожым імем Жазэфіна паходзіць з мясцовага шляхецкага роду Кажарскіх. Віктар нарадзіўся ў тутэйшых мясцінах, на хутары Потак, незадоўга да таго, як сям’я перасялілася ў Весялова. Бацька працаваў кавалём, а ў 1937 быў рэпрэсаваны. Нічога не вядома і пра лёс бацькавых братоў. Пэўны час адзін з іх, Юзэф, працаваў старшынёй Весялоўскага польскага сельсавета.

Леанід Камінскі, вадзіцель Весялоўскага дзіцячага дома. На заднім плане
будынак Весялоўскай (колішняй польскай) школы. 1953 г.

Працоўная дзейнасць Віктара Васільевіча звязана з сельскай гаспадаркай. На пенсію пайшоў з пасады загадчыка свінафермы. За высокія вытворчыя паказчыкі двойчы ўзнагароджваўся ордэнамі – Кастрычніцкай рэвалюцыі і “Знак пашаны”.

Восіп і Соф’я Станіцкія прыехалі ў 1914 годзе. Пасяліліся на хутары Тоні, адкупіўшы ў пана дванаццаць дзесяцін зямлі. Сям’я была вялікая – восем дзяцей. Станіцкія шмат працавалі, нажываючы пакрысе дабра. Усё пайшло прахам у час калектывізацыі. З раскіданага бацькоўскага гнязда разляцеліся па свеце дзеці. Іван працаваў настаўнікам у Пухавіцкім раёне. У 1938 годзе быў рэпрэсаваны. У гэтым жа годзе былі арыштаваны мужы яго сёстраў Вікі і Веры. Другая сусветная вайна назаўсёды забрала Лявона і Болека. Ганна пасля заканчэння школы паступіла вучыцца ў Віцебскае педвучылішча, дзе і застала вайна. Дзяўчына вымушана была вярнуцца да-дому. Пасля вайны вучыцца магчымасці не было, так і засталася ў Весялове. Большую частку працоўнага стажу займае праца ў калгасе. У 2005 годзе Ганна адышла ў лепшы свет.

Вацлаў Лабода на фоне будынка Весялоўскай школы, які быў збудаваны ў
1960-я гг. Фота пачатку 1970-х гг.

Продкі Марыі Міцькінай па бацькоўскай і матчынай лініі таксама з’яўляюцца палякамі. Сем’і Вжос і Лабода былі ў пераліку тых, хто шукаў сялянскага шчасця на чужыне. Пра дзеда па бацькоўскай лініі, Баляслава Лабоду, жанчына амаль нічога не ведае. Нават ніякіх разгавораў пра яго лёс у сям’і не вялося. Як апынулася, Баляслаў Лабода таксама стаў ахвярай рэпрэсій. Яго сыны Баляслаў і Вацлаў, бацька Марыі, ваявалі ў Другую сусветную вайну. Вацлаў застаўся жывы, толькі пабываў у нямецкім палоне. Пасля вайны працаваў брыгадзірам у калгасе, затым у саўгасе “Валосавічы”. Быў камуністам. Баляслаў загінуў недзе ў Літве. Пра тое родзічы даведаліся з ліста, які ў пачатку 1970-х гадоў прыйшоў з Прыбалтыйскай рэспублікі. У ім юныя следапыты паведамлялі падрабязнасці гібелі і месца пахавання Баляслава.

“Польскія шпіёны”

У адкрытым доступе ў інтэрнэце маецца шэраг сайтаў, дзе размешчаны звесткі пра рэпрэсаваных. Ёсць там таксама звесткі і пра весялоўцаў. Нам удалося адшукаць імёны адзінаццаці чалавек. Але ўпэўнены, што пры больш пільным пошуку трагічны спіс ахвяр будзе нашмат даўжэйшы.

Будынак касцёла ў Весялове.

Па сведчанні старажылаў, не было сярод весялоўцаў ніводнай сям’і, якая б не пацярпела ад рэпрэсій. Амаль у кожнай сям’і быў арыштаваны нехта з дарослых мужчын. Усе яны абвінавачваліся ў шніянажы на карысць Польшчы. Асноўнай правінай весялоўцаў перад савецкай дзяржавай была іх этнічная прыналежнасць. Ужо гэта выклікала падазронасць з боку карных органаў НКВД, якім не было ніякіх цяжкасцей навесіць ярлык “польскага шпіёна” вяскоўцам, якія жылі з цяжкай сялянскай працы. Прысуд быў адзін – вышэйшая мера пакарання. Нямногія пазбеглі гэтага трагічнага лёсу. Ніводзін з асуджаных больш не вярнуўся ў тыя мясціны, якія за некалькі дзесяцігоддзяў паспелі стаць роднымі. Памяць аб іх жыве ва ўспамінах родзічаў.

Рэпрэсіі 1930-х гадоў пакінулі глыбокія раны ў свядомасці весялоўцаў, на доўгія дзесяцігоддзі пасялілі страх.

Школа

У 1924 годзе ў Пушчы ўжо існавала польская школа першай ступені. Два настаўнікі навучалі ў ёй сорак чатыры дзіцяці. У 1930-я гады новы будынак школы быў узведзены ў цэнтры нанава створанай вёскі. З пачатковай навучальная ўстанова была пераўтворана ў няпоўную сярэднюю. Павялічылася і колькасць настаўнікаў.

У другой палове 1930-х гадоў рэпрэсіі закранулі таксама настаўнікаў Весялоўскай школы. Нам сталі вядомы імёны чацвярых чалавек:

1. Германовіч Юзэфа Іванаўна 1915 г.н. Ураджэнка в. Акалова Плешчаніцкага р-на. Полька. Настаўніца Весялоўскай НСШ. У 1938 годзе асуджана на 10 гадоў ППЛ як агент польскай разведкі.

2. Віславух Антон Антонавіч 1915 г.н. Ураджэнец в. Кустаўніца Нараўлянскага р-на. Настаўнік Весялоўскай НСШ. У 1938 годзе арыштаваны як член контррэвалюцыйнай арганізацыі. Расстраляны.

3. Парахаўнік Сцяпан Іванавіч. Украінец. Настаўнік Весялоўскай НСШ. Абвінавачваўся ў дзейнасці ў складзе Польскай арганізацыі вайсковай. Расстраляны ў 1938 годзе.

4. Стэфановіч Франц Сцяпанавіч 1911 г.н. Паляк. Ураджэнец в. Шэпічы (?) Лепельскага р-на. Дырэктар Весялоўскай НСШ. Абвінавачваўся як член Польскай арганізацыі вайсковай. Расстраляны ў 1937 г.

Складваецца ўражанне, што ў школе была раскрыта цэлая шпіёнская арганізацыя. Арышт настаўнікаў стаўся моцным ударам па культурніцкім і асветніцкім асяродку Весялова і навакольных вёсак. А ў хуткім часе польскую школу ўвогуле ліквідавалі, пераўтварыўшы ў беларускую.

Весялоўская школа праіснавала да сярэдзіны да 1980-х. Год ад году скарачалася колькасць вучняў, рамонт карпусоў школы патрабаваў вялікіх капіталаўкладанняў. Паскорыла працэс закрыцця школы тое, што ў Новых Валосавічах была збудавана больш сучасная навучальная ўстанова, куды і перавялі весялоўскіх вучняў.

Зараз недалёка ад бальніцы, у зарасніках кустоўя і дрэў ад цікаўных вачэй схаваныя рэшткі той бетоннай, збудаванай “да вайны” школы. Цікавасць выклікае тэхналогія будаўніцтва. Звонку і знутры сцены атынкаваныя, там дзе ад даўнасці часу тынкоўка адвалілася, можна пабачыць, з чаго зроблены сцены. А зроблены яны з раствору цэмента з дамешкамі тоўчанай чырвонай цэглы. Час паказаў іх трываласць. Вось які парадокс. У пачатку 1960-х быў узведзены з цэглы яшчэ адзін корпус школы, але ён выпрабаванне часам не вытрымаў – засталіся адны разваліны.

Мясцовыя славутасці

У 1944 годзе, адразу пасля нямецкай акупацыі, у Весялове аднавіў працу калгас. На той час ён насіў назву імя Чапаева. У 1950 годзе гаспадаркі Весялова, Стайска і Валосавічаў аб’ядналі ў калгас імя Дзяржынскага. У 1959 ён змяніў статус і стаў называцца саўгасам “Валосавічы”. Да сённяшняга дня на ўскрайку вёскі захаваліся рэшткі фермы, будынак якой ужо працяглы час стаіць закінуты з-за непатрэбнасці.

Сямейнае пахаванне роду Радзішэўскіх – Галумбіцкіх.

Захавалася ў вёсцы алея з дрэў, пасаджаная выхаванцамі дзіцячага дома, які працаваў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў – у даваенны і пасляваенны перыяд. Потым у адным з карпусоў, які быў пабудаваны ў 1930-я гады, размясцілася Весялоўская ўчастковая бальніца. Прайшло ўжо колькі год, як зачынілі і бальніцу. Новы гаспадар будынка пакуль не знайшоўся і наўрад ці знойдзецца.

Ад блізкага лесу вёску аддзяляе невялікае азярцо, утворанае дамбай, якая перагароджвае рэчку Каменку. Вадаём надае пэўную прыгажосць і каларыт навакольным краявідам Весялова. Асабліва прыгожа глядзяцца вясковыя краявіды з “пятачка” – невялікай плошчы, ад якой у розныя бакі разыходзіцца некалькі вуліц. Месціцца на плошчы будынак каталіцкага касцёла, пад які вернікі прыстасавалі пустуючую пэўны час калгасную хату. Час ад часу правесці святую імшу прыязджае ксёндз лепельскага касцёла. Захаваўся будынак магазіна, стаіць зачыненым. Ля бетоннага прыпынка спыняецца рэйсавы аўтобус, што некалькі разоў на тыдзень заязджае ў вёску.

Капліца і могілкі.

Маюць весялоўцы ўласныя могілкі. Сюды вязуць памерлых сваякоў і жыхары суседняга Стайска, дзе таксама жывуць нашчадкі этнічных палякаў-перасяленцаў. На надмагільных плітах пераважна польскія прозвішчы. Здзіўляе тое, што надпісы зроблены на рускай мове, адзінкавыя – на польскай. У першую чаргу ўвагу прываблівае невялікае надмагілле, выкладзенае з камення, а звонку атынкаванае. На тынкоўцы з трох бакоў помніка нанесены надпісы, якія сведчаць пра тое, што гэта сямейнае пахаванне роду Радзішэўскіх – Галумбіцкіх датуецца першай паловай ХХ стагоддзя.


Старая каталіцкая капліца.

Крыху воддаль ад могілак ёсць невялікая драўляная каплічка. Усё яе начынне складаюць распяцце і тумбачка, дзе захоўваюцца рэлігійныя малітоўнікі на польскай мове. Бачна, што капліца даўно не выкарыстоўваецца па прызначэнні. Дах крыты дошкамі і толлю месцамі ўжо патрабуе рамонту. Самім вяскоўцам ужо не адолець яе рамонт.

Добра бачна, што каплічка знаходзіцца на штучным узвышэнні правільнай прамавугольнай формы, якое, магчыма, з’яўляецца месцам колішняга падмурка самай першай капліцы, збудаванай польскімі перасяленцамі. У трыццатых гадах капліцы ўжо не было. Людзі баяліся адкрыта праяўляць сваё стаўленне да рэлігіі. Маглі прылічыць “ да польскіх шпіёнаў”. Таму і маліліся ўпотай, па хатах. У гады Вялікай Айчыннай вайны, каб абараніць вёску ад бед і напасцяў, вырашылі весялоўцы аднавіць страчаную святыню. Мужчыны ўзяліся з дошак будаваць капліцу, а жанчыны наткалі палатна для ўнутранага ўбрання.

***

Змянілася не адно пакаленне весялоўцаў, і сёння яны захоўваюць памяць пра сваю этнічную радзіму – Польшчу. Памяць, якая жыве і перадаецца з пакалення ў пакаленне ў мове, звычаях і традыцыях. Але кожны з вяскоўцаў і іх нашчадкаў ведае, што сапраўдная радзіма – гэта невялікая лепельская вёсачка Весялова.

Informacje o ewamaria2013

Polska pisarka w Berlinie
Ten wpis został opublikowany w kategorii Andrzej Rejman i oznaczony tagami , . Dodaj zakładkę do bezpośredniego odnośnika.

Jedna odpowiedź na „Z Białorusi. Po białorusku. O polskiej wiosce.

  1. …z podziękowaniami dla pani Natalii Miziarskiej z Połocka, która zajmowała się już wcześniej historią rodziny Hrebnickich a teraz przesłała nam tę opowieść.

Skomentuj

Wprowadź swoje dane lub kliknij jedną z tych ikon, aby się zalogować:

Logo WordPress.com

Komentujesz korzystając z konta WordPress.com. Wyloguj /  Zmień )

Zdjęcie na Google

Komentujesz korzystając z konta Google. Wyloguj /  Zmień )

Zdjęcie z Twittera

Komentujesz korzystając z konta Twitter. Wyloguj /  Zmień )

Zdjęcie na Facebooku

Komentujesz korzystając z konta Facebook. Wyloguj /  Zmień )

Połączenie z %s

Ta witryna wykorzystuje usługę Akismet aby zredukować ilość spamu. Dowiedz się w jaki sposób dane w twoich komentarzach są przetwarzane.