ШЛЯХЕЦКІЯ МАЁНТКІ ЛЕПЕЛЬСКАГА ПАВЕТА ВІЦЕБСКАЙ ГУБЕРНІ  (XVIII – ХІХ СТСТ.)

Мізярска Наталля (Беларусь)

Помнікі палацава-паркавых комплексаў з’яўляюцца вялікай і багатай часткай архітэктурнай спадчыны Беларусі і вылучаюцца своеасаблівымі адметнасцямі, дзякуючы зліянню вядучых мастацкіх стыляў барока і класіцызму з мясцовымі школамі дойлідства. Некаторыя маёнткі з’яўляліся своеасаблівымі асяродкамі культуры, дзе збіраліся высокапастаўленыя асобы, мастакі і пісьменнікі. Эканамічны стан гэтых фальваркаў быў на даволі высокім узроўні (маёнткі Бачэйкава, Іванск, Павулле, Бешанковічы).

З другой паловы XVIII ст., у сувязі з буйным росквітам шляхецкага землеўладання, на беларускіх землях пашырылася будаўніцтва палацава-паркавых комплексаў, якія адлюстроўвалі заможнасць гаспадароў і ўзводзіліся ў невялікіх мястэчках з маляўнічай прыродай. Калі ў першай палове XVIII стагоддзя ў асноўным мадэрнізаваліся існуючыя палацы, то ў сярэдзіне стагоддзя палацы будаваліся не толькі ў гарадах, але і ў вёсках [4, с. 11-12].

Сядзібы паступова эвалюцыяніравалі ад старажытных умацаваных двароў да добра выстраеных рэнесансавых комплексаў, а далей – да мастацкіх ансамбляў барока [10, с. 10]. У палацава-сядзібным будаўніцтве XVIII ст.  быў распаўсюджаны тып будынку, арганізаваны вакол параднага двара, курданера. Палацы і сядзібы таго часу падзяляліся на тры асноўныя групы: П-падобныя ў плане, падковавобразныя і з асобна стаячымі флігелямі [4, с. 20].

У архітэктуры барока вялікая ўвага надавалася афармленню галоўнага фасада, тыльны бок будынка быў больш простым і афармляўся лаканічнымі дэкаратыўнымі сродкамі. Часам цэнтральныя часткі будынка з боку паркавага фасада выконваліся ў аналогіі з галоўным фасадам [4, с. 36].

Часта новыя палацы і сядзібы шляхта ўзводзіла ў сувязі з прыездам караля. Клімуць Л.Я. у кнізе “Сармацкая культура беларускай шляхты ў XVI – XVIII стагоддзях” піша: “ Магнаты звычайна абстаўлялі прыезд караля вельмі пышна, але ў многім больш для праслаўлення сваёй высокароднай асобы, чым асобы не вельмі паважанага караля. Каб дасягнуць гэтага, яны не шкадавалі ніякіх грошай на буданіўцтва і дэкарацыю” [8, с. 59].

Так, у Бачэйкаве ў сувязі з прыездам караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1769 г. за одно лета быў узведзены новы палац па праекту італьянскага архітэктара чарговым уладальнікам Юзэфам Цеханавецкім. Бачэйкаўскі палац праіснаваў да Другой Сусветнай вайны [14, с. 213]. Эжэн Роз дэ Багарнэ напісаў у сваім дзённіку, што маёнтак Бачэйкава быў самы прыгожы сярод тых, якія ён бачыў падчас напалеонаўскіх паходаў [14, с. 481-482]. Бочныя флігелі, як правіла, будаваліся ў адным стылявым характары з палацам, ствараючы закончаныя архітэктурныя ансамблі. У Бачэйкаве флігелі, як і палац, былі аздоблены порцікамі [18, с. 106].

Маёнтак у Камені, апошнім уладальнікам якога быў маршалак шляхты Залескі, прадстаўляў сабой драўляны двор. Сядзібу з тасканскімі калонамі, якая стаяла на высокім падмурку, накрываў гонтавы дах з чатырма комінам. Направа былі размешчаны драўляныя гаспадарчыя пабудовы [15, с. 482-483].

У другой палове XVIII – пачатку XIX ст. усталявалася традыцыя ўзводзіць новыя сядзібы побач са старыжытнымі абарончымі цытадэлямі, археалагічнымі паселішчамі і гарадзішчамі, а курганы спецыяльна ўключаліся ў паркавае асяроддзе. Так, у першай палове XIX ст., Антоній Сялява на месцы старажытнага мураванага будынку абарончага тыпу пабудаваў новую вялікую сядзібу ў маёнтку Павулле Лепельскага павета [5, с. 565].

Надзвычай прадстаўнічымі былі ў Беларусі эпохі класіцызму і  рамантызму, росквіт якіх прыйшоўся на першую палову ХІХ стагоддзя. Развіццю рамантызму садзейнічыла прыгажосць беларускай прыроды [10, с. 10]. Першыя пабудовы ў стылі класіцызму з’ явіліся ў вялікіх гарадах і маёнтках рускіх дваран, якія атрымалі тут землі ад царскага ўрада. У праектаванні такіх будынкаў удзельнічалі вядомыя мясцовыя дойліды, якія часта спалучалі рысы класіцызму са стылем барока. Палацы гэтага стылю мелі разнастайную тыпалогію: ад невялікага палаца-сядзібы да гарадскога палацавага комплексу, які займаў важнае месца ў планіровачнай структуры горада. Тыпавымі для палацаў гэтага перыяду былі выцягнутыя плоскасна распрацаваныя фасады і пластычна багатыя порцікі. Стварэнне палацавых комплексаў таксама залежыла ад густаў уладальнікаў, якія арыентаваліся на мясцовую віленскую архітэктурную школу, варшаўскую ці расійскую [1, с. 23-27].

Шляхецкія сядзібы Лепельскага павета былі пабудаваны ў асноўным у стылі класіцызму: сядзіба ў Ухвішчы (уладальніца Л. Л. Івашэўская); сядзіба Забелаў у Арэхаўна (Бабыніцкая воласць) [2, с. 174].

Палац у Іванску, які належыў Валадковічам, быў пабудаваны ў стыле класіцызму ў пачатку XIX ст. Ён меў план моцна выцягнутага прамавугольніка і стаяў на высокіх падвальных памяшканнях з квадратнымі вокнамі. На фасадзе будынка выдзяляліся два аднолькавыя порцікі, кожны з якіх складаўся з чатырох калон. Порцікі завяршаліся трохкутнымі франтонамі з невялікімі вакенцамі. Сціплыя сцены ўпрыгожвалі вялікія вокны, падзеленыя на восем квадратных частак. Палац быў пакрыты гладкім двухсхільным гонтавым дахам. У будынку было дванаццаць пакояў [14, с. 235-236].

У XVIII – XIX стст., асабліва цанілася творчая фантазія дойліда, яго здольнасць стварыць новыя варыянты яшчэ не выкарыстаных спалучэнняў арыгінальных кампазіцый, уменне знайсці новыя крыніцы дэкаратыўных матываў. У гэтым сэнсе паказальнай з’яўляецца сядзіба Грабніцкіх у Арэхаўне (Ушацкая воласць). Сядзібны дом пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ў стылі класіцызму, але сучасны выгляд набыў у пачатку ХХ стагоддзя. Пры першапачатковым сіметрычным вырашэнні плана дома яго франтальны фасад набыў асіметрычную кампазіцыю: П-падобны ў плане аднапавярховы будынак пад вальмавым дахам у цэнтральнай частцы вырашаны двухпавярховым рызалітам, якому супрацьпастаўлены чатырохкалонны атынкаваны порцік бакавога ўваходу, (цэнтральны ўваход замураваны ў другой палове ХІХ ст.). На паркавым фасадзе рызаліту адпавядае паўкруглы эркер параднай авальнай залы, з арачных вокнаў якой былі бачны пейзажны парк і возера. З арсеналам дэкаратыўных форм класіцызму тут выкарыстаны рустоўка, сандрыкі, буйныя падкарнізныя дэнтэкулы, замкавы камень [7, с. 220].

Менавіта ў XVIII ст. пачынае цаніцца не проста камфорт у сядзібе, а раскоша, якая непарыўна звязваецца з заможнасцю і багаццем. У палацах вылучаюцца пакоі, спецыяльна прызначаныя для прыёму гасцей, якія забяспечваюцца адпаведнай мэбляй, неабходнымі прыналежнасцямі, начыннем. У першай чвэрці ХІХ ст. пакоям надавалі назвы па колерах сцен і адпаведнай абіўцы мэблі. Разам з новымі ўяўленнямі аб камфорце, якія прыйшлі з Захаду, і са зменамі ў становішчы жанчыны, з’яўляюцца будуары і салоны. Будуар быў месцам, дзе жанчына адпачывала і прымала блізкіх сяброў [12, с. 54].

Палац  Цеханавецкіх быў самым заможным і велічным у Лепельскім павеце. У будуары бачэйкаўскага палаца паркетная падлога лічылася самай прыгожай, параўнаць якую можна было толькі з паркетам каралеўскага палаца ў Варшаве. Для ўзору тут выкарыстоўваліся 36 розных парод дрэва. У падлозе быў тайнік [9]. Палац упрыгожвала мэбля XVIII і  XIX ст., акварэлі і гравюры. У палацы таксама меліся пакоі з назвамі: “блакітны салон”, “чырвоны салон”, “кабінет Напалеона”, “каралеўскі пакой”. “Блакітны салон” лічыўся з усіх пакояў палаца найбольш шыкоўным і абсталяваным. “Чырвоны салон”, названы з адпаведнасцю колеру абівачнай тканіны, меў 3 вакны, шыкоўную мэблю ў стылі Людовіка XVI. “Каралеўскі пакой”, як засведчыў у сваёй “Хроніцы” Уладзіслаў Цеханавецкі, быў абстаўлены шыкоўнай мэбляй, тут меліся люстэркі ў пазалочаных рамах, стаяла крыштальная лямпа з бронзы. На сценах віселі ўсяго дзве карціны – “Мадона” італьянскага мастака і партрэт Пятра Вялікага. У “кабінеце Напалеона” была мэбля ў стылі Людовіка XVI. Сцены ўпрыгожвалі 3 партрэты: Паўліны Цеханавецкай з мужам Канстанцінам Тышкевічам і іх сынам. Дапаўнялі ўсё французскія гравюры і невялікае пазалочанае люстэрка [9].

У маёнтку Храптовіча-Буцянёва ў Бешанковічах у палацы існаваў пакой, дзе начаваў дзве ночы Напалеон. Пазней пакой быў ператвораны ў музей да 1917 года [3]. Свае ўраджанні аб бешанковіцкім палацы пакінуў М.В. Анцаў у брашуры “Экскурсія Віцебскай вучонай архіўнай камісіі 14 мая 1911г. у мястэчка Бешанковічы”: « Ад помніка экскурсанты накіраваліся ў палац графа Храптовіча-Буцянёва, які, паводле надпісу на мармуровай дошцы, у 1708 г., наведаў імператар Пётр I Вялікі., у 1812 г. – імператар Напалеон I, а ў 1821 г. – імператар Аляксандр I Благаславёны. Пакой, які служыў спальняй Напалеону, з ложкам і мэбляй збярогся ў недатыкальнасці да сучаснага часу» [13, с. 61- 64].

Палацы і сядзібы афармляліся расійскімі і замежнымі архітэктарамі, мастакамі, майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія пры будаўніцтве ўлічвалі таксама асаблівасці беларускай прыроды. Пры гэтым пануючыя на той час класічныя архітэктурныя стылі барока і класіцызм часткова дапаўняліся і абагачаліся мясцовымі кампазіцыйнымі і канструктыўнымі прыёмамі, у выніку чаго былі створаны арыгінальныя і высокамастацкія палаца-паркавыя комплексы [11, с. 161].

literatura

Informacje o ewamaria2013

Polska pisarka w Berlinie
Ten wpis został opublikowany w kategorii Redakcja i oznaczony tagami . Dodaj zakładkę do bezpośredniego odnośnika.

Skomentuj

Wprowadź swoje dane lub kliknij jedną z tych ikon, aby się zalogować:

Logo WordPress.com

Komentujesz korzystając z konta WordPress.com. Wyloguj /  Zmień )

Zdjęcie na Google

Komentujesz korzystając z konta Google. Wyloguj /  Zmień )

Zdjęcie z Twittera

Komentujesz korzystając z konta Twitter. Wyloguj /  Zmień )

Zdjęcie na Facebooku

Komentujesz korzystając z konta Facebook. Wyloguj /  Zmień )

Połączenie z %s

Ta witryna wykorzystuje usługę Akismet aby zredukować ilość spamu. Dowiedz się w jaki sposób dane w twoich komentarzach są przetwarzane.